РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
І я дарую вам...
А болей. Што ж там болей?.. 
Янка Купала

 
Калісь, гадоў таму ўжо трыццаць сем,
Паддаўшыся Сатыравай спакусе,
Я напісаў найшумную з паэм
У творчым летапісе Беларусі.
 
Паэме выпаў незвычайны лёс:
Як бомба, выбухнула неспадзеўна,
I гэны выбух у шматкі разьнёс
Завалы афіцыйнага нудзеньня.
 
Яе чыталі нават тыя ўсе,
Хто не чытаў ніякіх вершаў зроду.
Жывое слова ў сіле і красе
Прыйшлося вельмі да душы народу.
 
Дасюль паэту ўдзячны просты люд.
Але ж на тое мы і самі творцы,
Каб годнае імя ўкачаць у бруд.
А дзе ж дзявацца ад прыроднай корці?
 
I прычапілі дабрадзеі хвост
Да справы чыстай, яснай нават дзецям.
Такі хвасьцішча, што і на пагост
За мной пацягнецца – і ўсё сьмярдзецьме.
 
Ну, што ж! Нам іншай долі Бог ня даў.
Такія мы. Але й па ўздых апошні
Я цьвердзіць буду, хто б ні спавядаў:
Усякі быў мой верш, але ня пошлы.
 
Яго мне вераўберагла мая.
Таму і ведаю, чыёю воляй
Я мушу ўсім вам дараваць. I я
Дарую вам. «А болей. Што ж там болей?..»
 
Сакавік – красавік 2008 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.