РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Наконт лёзунгаў
Ад сьвету стварэньня, адвеку вякамі
Змагацца з прыродай людзей заклікалі.
І сотні паэтаў уторылі хорам:
Пакорым балоты! І стэпы пакорым!
І пушчы з зубрамі! І рэчкі з бабрамі!
Сьмялей жа рыдлёўкамі і тапарамі!
Гані экскаватары, меліяратары!
Усё перавернем мы к чортавай матары!
Здавайся, прырода! Здавайся, прырода!
У гонар прагрэсу! Для шчасьця народа!
 
Прырода, ну што ж ёй? Прырода – здаецца.
І ўжо ад прыроды сям-там застаецца
Адзін успамін... Бо ці ж выжыць бяспраўна?
У нейкай краіне дык нават нядаўна
Быў кінуты заклік у страху панічным:
"Паловім усіх вараб'ёў і панішчым!
Калі не падвесьці пад лёсам іх рысу –
Мы ўсе застанёмся бяз каліва рысу!"
 
Аднак жа дурноцце пануе ня вечна.
І сьвет схамянуўся: "Так нельга, канечна!"
І новыя лёзунгі вывесіў храбра:
"Шануйма прыроду! Прырода – наш сябра!
Шануйма прыроду! Прырода адвеку
Дарыла для шчасьця дары чалавеку!
Хто губіць прыроду –
                    той нелюдзь і злыдзень!
З такімі мы ў сьветлае заўтра ня прыйдзем!"
Ага! Ну вось гэта – праграма! Цудоўна!
І мудра й дыхтоўна! Але... ці надоўга?
 
1970
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.