РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мой паклон жыхарам Клецка
Мне сонечную вестку
Прынёс эфір, панове:
"Усе тры школы ў Клецку –
На беларускай мове!"
 
Падумайце вы толькі:
У гарадах наводдаль –
Дык беларускай школкі
Ужо няма ніводнай.
 
Усе паруйнавалі –
Каб зь цемратой у сэрцы
Саміх сябе ня зналі
Няшчасныя "туземцы".
 
А тут, у Клецку слынным,
Народ, на зло вандалам,
На ўсходзе дня сьвятлынным
Пранікся Божым дарам.
 
Усьведаміў да болю,
Што толькі ў слове родным
Ён будзе сам сабою,
Шчасьлівым і свабодным,
 
Што слова – гэта семя,
Зь якога ў долах лонных
Узыдзе мужных племя,
Паўстане род нязломных.
 
За гэту лучнасьць зь небам
І з духам продкаў повязь –
Кляччанам незьнямелым
Я кланяюся ў пояс.
 
1997, верасень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.