РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На стыку
На стыку двух тысячагодзьдзяў
Чыноўных душ слабее стык.
А дзе душа з душой ня ў згодзе –
Шмат дзей нікчэмных і пустых.
 
Таму якісь мудрэц-мінчанін
Пытаньне вынес на Савет:
"Якім павінен быць начальнік,
Пераваліўшы ў новы век?".
 
Начальнік – мудрым быць павінен.
А гэта значыць – хітрым быць:
Лямантаваць пра сьверб на сьпіне,
Часаць жа тое, што сьвярбіць.
 
Павінен быць дэмакратычным –
Каб "мужыкі" аб ім наўсьцяж
Крычалі крыкам закадычным:
"У дошку свой! У сьцельку наш!"
 
Павінен быць адукаваным:
Кампутар знаць і Інтэрнет,
Ня блытаць Лібію зь Ліванам,
Тым больш – санату і санэт.
 
Яшчэ павінен быць культурным:
Ня ўсякі сказ пускаць у ход,
І калі трэба гаркнуць: "Дурні!" –
Дык не часьцей, як раз у год.
 
Ну, а галоўнае, канечне,
Што ён павінен знаць і ўмець –
Як крымінал, з усіх страшнейшы,
Біць беларушчыну насьмерць:
 
Глушыць, таптаць, драпежыць мову,
Сьляды гісторыі сьціраць,
Сам дух "тутэйшых" выкарчоўваць,
І з душ, і з сэрцаў выдзіраць.
 
Адно тады спакойна ўвойдзе
І важны чын, і дробны клерк
У трэйцяе тысячагодзьдзе,
У новы, дваццаць першы, век.
 
1999, верасень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.