РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Усё, як і калісьці
Сто гадоў і з гакам
З той пары мінула,
Калі крык паэта
Беларусь пачула:
"Ну дык жа адстаньце!
Нашто я вам трэба?
Ці каб ваш хлеб есьці,
Ці рабіць вам хлеба?.."
 
З болесьцю і гневам
Іх пытаў Франьцішак:
Хто вас зваў у гэты
Мой лясны зацішак,
Дзе па волі Божай
Я свой век вякую,
Дзе я жну і сею
І дзяцей гадую?
 
Ці я вас хоць словам
Зачапіў няветла,
Што на мой падворак
Лезеце, як зь пекла?
Ці сваёй зямлі вам
Для раздольля мала,
Што такую процьму
Вас сюды нагнала?..

Сто гадоў і з гакам
З той пары мінула.
Болесьць не ўнялася,
Крыўда не заснула.
Ды і як з той крыўды,
З тых пакутаў выйсьці,
Калі ўсё вядзецца,
Як даўно калісьці?
 
Калі й сёньня хэўра
Выхапняў і п'яніц
Прагне кут мой родны
Плюндрыць і паганіць?
Прагне ўсё, што маю –
Сад і сенажатку,
І гарод, і ніўку –
Збэсьціць да астатку?
 
Вось і мушу крыкнуць,
Як крычаў Франьцішак:
Хто вас зваў у гэты
Мой лясны зацішак?
Ну дык жа адстаньце!
Прэч ідзіце, злыдні!
Каб вы толькі зналі,
Як вы мне абрыдлі...
 
2000, сьнежань.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.