Дарагія, шаноўныя, таленавітыя вельмі сяброчкі! Зноў, адчуўшы вясну, акрыліліся вы пад аховай улады. Надзімаючы бледна-лірычныя, прабачце, бледна-ружовыя шчочкі, высьвістваеце, у тон салавейкам, свае веснавыя рулады. І лічыце, што бестурботныя пошчакі вашы і ёсьць паэзія – сапраўдная, чыстая, незаангажаваная грубымі буднямі. Не прыміце за ментарства, у настаўнікі вам не палезу я, і аднак жа дазвольце сказаць: вы ідзеце сьцяжынкамі блуднымі. Вы ашукаліся ў выбары тону, хоць слых ваш і вельмі тонкі: гэта сьвішчуць дубінкі на пляцы, а не салавейкі ў кустарніку. На Беларусі тон верны ў паэзіі сёньня вы знойдзеце толькі – у думах пра тое, што лучыць генэрала Езавітава і генэрала Захаранку.
31.VII.2001.
|
|