РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аповед пра чалавечнасьць тырана
Калі тыран Іосіф Джугашвілі,
Вядомы свету пад мянушкай Сталін,
Даведаўся, што сябар і паплечнік
У барацьбе за камунізм Кіраў
Рашуча перамог яго на Зьездзе
Па колькасьці набраных галасоў,
Ён ускіпеў усім нутром ад злосьці
І загадаў апрычнікам сваім
Устараніць саперніка з дарогі –
Так, каб і духу нават не было!
 
І Кірава празь нейкі час ня стала.
Яго застрэліў нехта Мікалаеў,
Які і сам быў расстраляны ўсьлед,
Каб праўда пра тырана не ўсплыла.
 
Калі ў Маскву, у Крэмль, прыйшло нарэшце
Доўгачаканае паведамленьне,
Што адбылося страшнае злачынства –
"Рукою ворага народа ў Смольным
Забіты Кіраў", – учарнелы Сталін
У той жа дзень сабраў Палітбюро,
Абвёў усіх прыцьмелымі вачыма
Ды так, што тыя ўсе прыцьмелі самі,
І замагільным голасам, з акцэнтам
На кожным слове, абвясьціў загад:
– Таварыш Молатаў, прыміце меры,
Каб сакратар ЦК таварыш Кіраў
Быў пахаваны як таварыш Кіраў.
Ён заслужыў, каб у труне ляжаць, –
Чамусьці тут зрабіўшы паўзу, Сталін
Абвёў яшчэ раз позіркам прысутных
І, дзёўбаючы кручкаватым пальцам
Перад сабой паветра, дасказаў:
– ...у новым і адзеньні, і абутку!
Купіце для яго за кошт дзяржавы
Харошы новы гарнітур і туфлі.
Усім жыцьцём сваім і барацьбою
Таварыш Кіраў гэта заслужыў.
Хай ворагі ня думаюць, што мы
У белых тапачках яго паложым.
Хай кожны бачыць, як дзяржава наша
Умее сьмерць такіх людзей цаніць.
 
Празь дзень, спэцпоездам, таварыш Сталін
Прыбыў у Ленінград на пахаваньне.
Ну, а дакладней – каб пераканацца,
Што сапраўды яго сапернік мёртвы.
У ганаровай варце ля труны
Ён, на вачах ва ўсіх, пусьціў сьлязу –
"Гаручую", як напісалі потым.
Па васпаватым, нібы тарка, твары
Яна скацілася і ўпала прама
Яму на бот юхтовы, на насок,
І аказалася такой гаручай,
Што прапякла наскрозь ня толькі юхт,
А прасачылася і праз падэшву...
 
І людзі ўбачылі яго сьлязу
І зашапталіся ў натоўпе: "Гляньце,
Які ён чулы, чалавечны, добры,
Наш правадыр!" А чулі? Гэта ж ён
Сказаў купіць Міронавічу туфлі,
Бо ленінградскія чыны хацелі
У белых тапачках яго хаваць..."
І ўсе паверылі ў яго сьлязу,
Як шчыра верылі й датуль ва ўсё,
Што ён казаў. А што рабіў тыран –
На гэта людзі нашы не глядзелі.
Чаму? Ня знаю. Мабыць, людзям добра,
Калі тыран над галавой стаіць,
І ўсім камандуе, і ўсё дыктуе:
Як працаваць, і як дзяцей раджаць,
І як вучыць, і як лячыць, і нават –
Як музыку й паэзію тварыць.
 
Ідуць гады. Мяняюцца эпохі.
Тыран па імені Іосіф Сталін
Даўно памёр. Ужо амаль паўвека.
У Маўзалеі, побач зь Ільлічом,
Як роўны з роўным, ён ляжаў сьпярша,
І людзі, помню, злосна жартавалі:
"Мікіта Леніну сьвіньню падклаў".
Затым яго кляймілі. Пасьмяротна.
За людажэрства, ўзьведзенае ў культ.
І выцягнулі зь лёхаў Маўзалея,
Але ня выстралілі ім з гарматы,
Як заслугоўваў ён, а пахавалі
З ушанаваньнем, ля сьцяны крамлёўскай.
Там і ляжыць ён... Ну і хай ляжыць.
Сучаснай моладзі яго імя
Ужо амаль нічога не гаворыць.
Ня варт ён памяці. І я ня знаю,
Чаму мне сёньня ў галаву прыйшла
Пра чалавечнасьць людажэрства згадка.
 
22-24 жніўня 2001 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.