РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Злыдні
І ўранку, як людзі Госпада хваляць,
Што новы дзянёк ім даў, і апоўдні,
І ўвечары позна – на тэлеэкранах
Суверэннай дзяржавы свабоднай –
Аніводнага роднага слоўца!
Аніводнай мэлёдыі роднай!
 
А ўсё нейкі разгул нянаскіх
Слоў і рытмаў, – напорны, тлумны,
Агрэсіўны, пусты, бяздумны, –
Як нячысьцікаў сьвістапляскі,
Як шабаш ведзьмаў і ведзьмакоў,
Наляцелых з усіх бакоў.
 
Людзі пытаюць: што гэта? Хто гэта?
Ды адказу ня чуюць, на жаль...
А гэта... А гэта з д'ябальскім рогатам
Злыдні спраўляюць баль:
Прысабечыўшы тэлестудыю,
Расьперазаліся – і арудуюць.
 
Людзі! Прашу вас не памыляцца –
Ня думаць, што ў нашай зьняверцы
Проста так яны весяляцца,
Забаўляюцца, цешаць сэрцы.
Не! Іх хмеліць другое нешта.
Імі іншая мэта ставіцца:
Зь беларушчынаю расправіцца!
Даканца! Даастатку! Дарэшты!
Злыдні знаюць, з чаго пачынаецца
Сьмерць народа. З душы, канечне!
 
У душы, у душы народнай –
Даверлівай, безабароннай –
Тое ўсё, што хоць дробкай-друзкай
З воляй лучыцца беларускай
І даць можа пачатак Руху, –
Трэба вынішчыць! Каб – ні духу!
Недабітае трэба дабіць,
Недадушанае – дадушыць,
Недаздратаванае – даздратаваць,
Недаапляванае – даапляваць!
 
Злыдні знаюць, як доўга-доўга
Баліць нам гэты зьдзек над душой,
Як няўсьцерп нам ва ўласным доме
Жыць, бы ў халупе чужой.
А злыдням у гэтай халупе-краіне
Добра. Злыдням глядзець уцешна,
Як імпэтна зьнікае, гіне
Наша мова і наша песьня.
Каб жыць – злыдням бачыць трэба,
Як курчыцца ў муках бясспыну
Душа беларуская, – гэта
Іх сыціць, як кроў – вампіраў.
 
Дык слухайце ж, слухайце ўважна,
Зямлі беларускай дзеці,
Як на тэлеэкранах вашых
Злыдні чыняць над вамі зьдзекі.
Слухайце – можа, аднойчы
Скрозь іх сатанінскі трыюмф
Праб'ецца і дойдзе да вас
Голас вашай няшчаснай Маці.
 
2002, люты.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.