РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Сіпакоў
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Акадэмія
Беларуская балада. XVII стагодзьдзе
Ох, нялёгкая работа,
Гэта лёгкая навука!
Атрасаесься ад пота,
Бубен бухае на вуха.
Душна, быццам канец сьвета
У жалезнай гэтай клетцы,
А падлога разагрэта
Аж да чырвані, здаецца.
 
Бо пад бронзаваю ёю
Аж трашчыць гальлё-ламачча,
А між бронзай і зямлёю
Агніво сьпякотна скача.
 
Па-за клеткай студзіш вочы,
Ды ратунак гэта слабы.
I ты хочаш ці ня хочаш, –
На адны ўзьвінесься лапы.
 
Дужа горача пярэднім –
Не стрымаць такой пакуты.
Заднім меней увярэдна –
На іх лапці наабуты.
 
Ды ўсё роўна грэе пяты –
Беражэ абутак скупа.
На патэльні той праклятай
I ў лапцях ты мусіш тупаць.
 
Хоць з вачэй і сьлёзы льюцца –
Муку ён прыняў такую! –
Людзі ўбачаць, засьмяюцца,
Скажуць: бач, дзівак, танцуе.
 
Стане ён, нібы ануча,
I забудзецца на волю...
Танцаваць мядзьведзя вучаць
У мядзьведжай гэтай школе.
 
Людзі ў ельніку злавілі
Земляка, ляснога брата.
Быў ён вольны. З гэтай хвілі
Есьці просіць вінавата.
Вось падвучыцца на рухі,
Акадэмію завершыць
I хадзебшчыку у рукі
Пападзе – ужо ня першы.
Кіпці і клыкі падпіляць,
Адбяруць у сьмелых вочы,
На губу кальцо засіляць,
Павядуць такім на плошчы.
I калі праз гулкі гоман
Плошча зойдзецца ад сьмеху,
Шкода стане, што яго мы
Аддалі ёй на пацеху.
Але й ён сьмяяцца будзе,
Дабрадушлівы няўмека, –
З нас сьмяяцца будзе, людзі,
Зь недахопаў чалавека.
Ён пакажа нам, як хціўцы
Абрастаюць поўсьцю кражы,
Як зацятыя зласьліўцы
Найсумленных гразьзю мажуць.
Як мяняюць прайдзісьветы
Свае думкі, нібы скуру.
Як прадажныя паэты
Фіміям падонкам кураць.
 
Танцаваць ён будзе чынна
На вялікіх самых пляцах –
Будзе і ў людзей прычына
Ім, мядзьведзем, захапляцца.
I яго жыцьцё падхопіць,
Слава гучная дагоніць...
Ён пакажа ўсёй Эўропе,
Што наўчыўся у Смаргоні.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.