 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Кантрабанда
|
Беларуская балада. XVI стагодзьдзе
|
Стаміліся белыя коні і цёмнымі сталі ад поту, Стаміліся бомы зьвінець пад дугою – Матляліся ўжо неахвотна, Ахрыпла іх песьня – яна наглыталася пылу I ўжо задыхалася ўся, Калі варта рыплівую брычку спыніла, Дзе кожнае кола візгліва жаданага дзёгцю прасіла... – Гэй, што ты вязеш праз граніцу? – Чужая злавалася мова, Пыталася варта сурова, Шукала упарта ахова, Шукала яна кантрабанду У брычцы, як позьняя восень, парожняй, – Ня верыла, Што праз граніцу парожнімі езьдзіць можна. – Дык што ты вязеш? – Вы ж бачыце самі – нічога. – А можа, схаваў што? – Навошта? Пабойцеся Бога – Вы бачыце ўсё, што са мною... – Ясна адно, – галадранцы! Езьдзяць тут розныя швэнды, – Ахова ўжо стала злавацца. – А можа, ты кнігі вязеш? Бо з Прагі тут нейкі Скарына Кнігі злаўчыўся вазіць на радзіму, Якую чамусьці пакінуў. – Кнігі? Ад іх толькі зло... Бэсьцяць кнігі наш люд паспаліты... – I ты супраць кніг, падарожны?! Які малайчына, глядзі ты! А ведаеш, думаю я, што прыйдзе часіна такая: Нам скажуць Скарыну таго затрымаць, I мы, будзь ты пэвен, яго затрымаем! I кнігі тады мы яго Папалім усюды ў краіне... – Чакайце, а кнігі ж сьвятыя, пра Бога... Дык як жа паліць іх?.. – Павінен Сказаць я табе, чалавеча, Што ты – кацянятка сьляпое: Можна паліць і сьвятое, калі нам загад ёсьць на тое. Ты знаеш, і Бога самога Мы можам паслаць на спаленьне, Калі непрыдатным ён стане Для нашага раптам маленьня... Я веру, Скарыну таксама, Касьцёр наш падсобіць на неба – Асудзяць яго на спаленьне нашчадкі... – Так яму, неслуху, й трэба! – Ну, едзь, падарожны... Чакай, а хто там сядзіць у фурманцы? – Гэта ж фурман мой. – Бач, з форсам катаюцца нават такія, Як ты, – галадранцы! Ну, едзь – не мазоль нам вачэй... Весялей зацілімкалі бомы, Яны адпачылі крыху – Дзе падзелася пыльная стома! Сьпяшаўся дадому Скарына (а гэта быў ён – вы пазналі?). Коней сьцябалі абое – I «пан», і «фурман» коней гналі. Глядзеў на «фурмана» з усьмешкай Скарына – Усё-ткі правёз кантрабанду ён з Богам! Бо гэты «фурман» – быў найлепшы друкар, Украдзены ў караля самога. Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома. Цілімкалі Весела Бомы...
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|