РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Сіпакоў
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сяўба
Беларуская балада. XX стагодзьдзе
На папялішчы, на пачарнелым
Яна сядзела – жанчына ў белым;
На чорнай пляме відна здалёку,
Нібы цяпельца ў халодным змроку,
Ля галавешак – былога ганка –
Сядзела ў одуме партызанка.
А навакола вясна буяла,
Трава пад попелам бушавала,
Трава рассоўвала ўбок вугольле –
Жыцьцё ірвалася зноў на волю.
I ўжо фашыстаў – нідзе, нікога,
Ідзе, вяселіцца перамога,
I ёю пахне усё на сьвеце:
Лісьцё і неба, зямля і вецер,
I папялішча, дзе каля ганка
Сядзіць у одуме партызанка.
А на каленях – дзіцячай жменькай –
Ляжыць вузельчык, такі маленькі,
Дзе зьнемагае ўжо столькі летаў –
Сяўбы чакае насеньне кветак:
У садку сваім семя тое
Яна сабрала перад вайною
I з таго часу з сабой заўсёды
Яго насіла ва ўсе нягоды,
Як талісман той блюла на радасьць:
Зь ім прахадзіла яна блякады
I праз балоты яго, сухое,
Як порах, несла над галавою –
Збудзіць баялася ў ім, ціхмяным,
Бучную сілу жыцьця зарана.
Бо калі зерне ды прарастае,
Хто ў вузялочку яго ўтрымае?!
Яна разьвязвала дужа рэдка
Вузельчык гэты, дзе млелі кветкі.
Упершыню яго разьвязала.
Калі мужа свайго хавала –
У маёвае тое раньне
Сябры прынесьлі яго з заданьня...
Закрасаваліся на магіле
Зноў кветкі тыя, што так любілі
Іх даваенны гарод, каторы
Яны, зьвязаныя нават, сьнілі...
Тады ў вузельчык сыпнуўся порах
(Яна набоі рабіла мальцам,
I парашынкі прыліплі к пальцам).
А ў другі раз насеньне брала,
Калі сына свайго хавала –
Яго прывезьлі з цяжкога бою
З ацежалелаю галавою...
Зачырванелі над хлопцам макі...
А ў вузел трапіў панюх табакі
(Крышыла маці табаку мальцам,
I парашынкі прыліплі к пальцам).
А ў трэйці раз яго разьвязала,
Калі дачушкі малой ня стала,
Яе заняньчыў касьцісты голад –
Яна памерла ў блякадны холад.
I засталося дзяўчо ў той высьпе,
Над выспай кветак гародчык высьпеў,
А ў вузялочку запахлі крошкі.
(Дзяўчынка хлеба прасіла трошкі,
Зьбіралі крошкі ўсе па кішэнях,
Сабралі крошак цэлую жменю,
Ды толькі позна – дзяўчо згарэла...)
Таму сягоньня на пачарнелым
На папялішчы вясновым ранкам
Сядзіць самотная партызанка...
А з вузялочка, што у прыполе,
Зярняты прагнуць упасьці долу –
Як цягне, цягне іх да зямліцы,
Каб абудзіцца, празь дзёрн прабіцца!
Вось партызанка ўзьнімае вочы,
Яна разьвязвае вузялочак,
Нібы пупышка – набухлы гэткі...
– Ўзыходзьце, кветкі, буяйце, кветкі!
Не асыпайцеся вы ніколі –
Перамажыце той чорны колер,
Які зялёным, вясновым ранкам
Сустрэў няветліва партызанку.
А калі можаце – хоць бы трошкі!–
I вы ўзыдзіце, хлебныя крошкі.
Як будзе голад – і ўдзень і ўночы
Хай лазяць дзеці у мой гародчык!
Яшчэ прашу я – ўзыходзь, табака!
Я зацягнуся табой са смакам,
Бо я прывыкла курыць задужа –
Куру за сына, куру за мужа...
I толькі порах – мой даўні вораг,
Не узыходзь, не дамешвай гора!
Зьвяжыце моцна яго, карэньні, –
Хай задыхнецца ў зямных скляпеньнях...
На папялішчы на пачарнелым
Яна хадзіла – жанчына ў белым...
На чорнай пляме відна здалёку,
Нібы цяпельца ў халодным змроку.
Ля галавешак – былога ганка –
Кветкі сеяла партызанка.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.