РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Першы сьнег
Сьвісток разбудзіў нас. Яшчэ было цёмна.
Заляскалі дзьверы, і «апель» прайшоў.
Сіпата гудкі застагналі спрасоньня
Пад звон цыркулярак блізкіх тартакоў.
 
А глянуўдзень шэры за змрочныя краты,
Сям'я вераб'ёў чутна ў шыбіны б'е,
Крыламі лапоча шумліва, заўзята,
Спрачаецца, можа, за крошкі свае.
 
Не, сёньня ёсьць вестак у птушак нямала,
Спаць вецер ня даў ім, ганяў іх з-пад стрэх,
Памыйныя ямы, сырыя кварталы,
Бульвары і плошчы укрыў белы сьнег.
 
А там, на радзіме, марозам убраны
Ў сьцюдзёныя зоры стары медны бор,
Застылі сасна ля сасны, веліканы,
Глядзяць у крыштальнае люстра азёр.
 
I сьнегам глыбокім загоны укрыла,
Навеяла гурбы пад хатай старой...
I доўга я слухаў, пра што гаварылі
Крылатыя госьці на мове сваёй.
 
1933
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.