РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Серп сонца
Пакой, як скрыня, з глухім акном.
Стол-інвалід падпёр сьцяну.
Дзень позна ўстане, ноч рана прыйдзе,
Раней заўсёды, чым на дварэ.
Ніколі сонца на'т не загляне
Ў пакой мой цесны.
Раз толькі, помню, з-за камяніцы
Сярпом гарачым цьвіло на шыбах.
I сьветлы зайчык прабег па твары,
Як госьць далёкі, неспадзяваны,
Ды хутка зьнік ён, прадвесьнік мая.
Мо' не знайшоў ён, дзе прытуліцца
У гэтай скрыні, сьляпой і душнай,
На голых нарах, зацьвілай столі.
 
Але я веру, што сонца ўстане
I заіграе сярпом на шыбах,
На змрочных сьценах майго падвала,
На недакончанай маёй песьні.
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.