РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баян
Выйшаў ён на вуліцу
Ў вышытай кашулі.
Пыл з-пад лапця курыцца,
Што ж усе паснулі?
 
Мала яму вёскі –
Размахнуцца цесна,
Курыць папяроску,
На трохрадцы песьня:
 
– Над жыцьцём сабачым
Ужо годзе плакаць:
Выйдзем і паскачам,
Покуль стопчам лапаць.
 
Стопчам – дык атопкам
Пыл уздымем хмарай,
На ўсю вёску ёмка
Сьвісьнем ды прыўдарым!
 
Кожнаю вясною
Мы выходзім шырай,
З раньняю зарою
Сустракаем вырай.
 
Эх, яшчэ ня звоняць
Яго пералівы
Сярод нашых гоней,
На шырокіх нівах!
 
– Век хаджу дарогай,
Пуцявінай польнай,
Па дварах, парогах
З сваёй песьняй вольнай.
 
Бы ў салому стрэх я,
Так у думкі-мары
З перазвонам сьмеху
Кідаю пажары.
 
Знаю, што ў панурую
Ночы непагоду
Разадзьме іх бураю
З захаду да ўсходу.
 
Дык, браты, ідзіце
На палёў абшары,
Ўбачыўшы зарніцы
Новага пажару.
 
I рукой мазольнай
З новай сілай сьвежай
Распаляйце горны,
Разрывайце межы!
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.