РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Да дня
Гэта было так проста,
Што на’т не пісалі газэты, –
Толькі ў актах справы стаяла:
Родам з Палесься... год 20...
Праўда, быў пропуск, –
Ці вёска ляжала
Ў імшарах, ці ў лесе...
Рэшта вядома,
Ня варта і ўспамінаць.
Прыехаў я з дарогі.
Шэрай цэглай шэра муры глядзелі.
Ня першы раз, а непрывычна.
Краты, нумары ды цэлі...
Дазорца запытаўся прозьвішча і змоўк.
Гаркнуў спраўна – раз, другі замок.
Гэтак я спаткаўся зь ім.
Гаварыў ён мала,
Мо’ ня меў ахвоты,
А мо’ перашкаджалі краты,
Кашаль і сухоты.
 
Вецер неспакойны ныў між дрэў,
На мурах калючы дрот зьвінеў.
А між перарываў у цішы
Стукаў дождж нястомны па вакне.
– У нас вясна іначай паміж крат –
Пасырэюць сьцены, камень, вочы,
I мацьнейшы кашаль, брат.
А далёка недзе на Палесьсі
Сон зімовы скінулі бярозы.
Чулі, як шуміць зялёны шум?
Зацьвілі, як сьнегам, вербы, лозы
Паміж неспакойных шэрых дум.
Думы дзесь удаль пабеглі...
Цяжка іх стрымаць тут сярод цэглы...
– Што, таварыш, можа, сьпіш? –
Гэту ноч ня спалася і мне.
Цені крат застылі на сьцяне.
– Жыць ахвота, брат, ахвота!..
– Мала каму жыць ахвота. –
Заляцелі думкі зноў дадому.
Зьлез, паправіў я яму салому,
Паглядзеў у твар, высахшы і змрочны.
Мне здалося, быццам гаснуць яго вочы.
А пасьля...
Яшчэ было цёмна.
Не было сьвістка.
З нар спусьцілася белая рука.
 
– Што, таварыш, сьпіш?
Эх!.. к чорту гэткая работа!
Сам казаў, яшчэ жыць ахвота,
I раптам заснуў назаўсёды,
Таварыш!..
Гэты дзень спаткаў я ў цэлі сам,
Са сваімі думамі адзін.
Доўгія цягнуліся гадзіны.
Толькі крокі, крокі тут і там.
А ў той дзень далёка за вакном
Часам сьнег кладзецца так,
Нібы белым ценем, мяккім ценем,
Толькі сьнег кладзецца ціха так.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
I паслухай, хоць ты сьпіш:
Сёньня там, далёка на Палесьсі,
Зацьвілі сасонкі ціха ў лесе,
Зацьвілі і вербы, і бярозы
Пад вясновы белы ветру шум...
 
I паслухай, хоць ты сьпіш:
Што я напішу тваім бацькам?
Не, я не скажу, што ты загінуў!..
Можа, калі глянуць на гасьцінец:
– Сын ці не?..
У кожным падарожным
На гасьцінцы шэрым,
Паміж жоўтых, чорных, белых каляін,
Вечная надзея застанецца ім.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.