РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пад вясеньні чаромухі шум
Што спусьціў галаву – не іграеш?
      Можа, песьня навеяла сум?
Небылое успомніў, таварыш,
      пад вясеньні чаромухі шум?
 
Успомніў, можа, аб тым, што мінула,
      аб чым вецер ў кастрычніку ныў,
паміж гразкіх бульвараў і вуліц
      і ўзгараных снарадамі ніў?
 
Тыя дні жоўтым лісьцем пакрыла,
      як сьляды на дарогах і пыл;
на старых жа акопах-магілах
      ўсё жывая мінуўшая быль.
 
Старыкі расказалі яе нам,
      падплятаючы лапці лазой,
падплятаючы быль небыліцай,
      за лучынай у хаце крывой.
 
А мы, з прыпячку, слухалі ціха...
      Толькі гулка шумеў калаўрот,
ды ўскруціўшы вясеньняе ліха
      п'яны вецер пяяў ля варот...
 
Посьле... помніш жыцьцё на этапах
      прашумела, як зь ветрам кавыль,
пад вастрожную хрыплую песьню
      пра далёкую, родную быль...
 
Што ж, ізноў мо' цяпер заіграеш?
      Пераплётныя думы і сум
новай песьняй расьсееш, таварыш,
      пад вясеньні чаромухі шум?
 
1934
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.