РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьфінкс
Як воды прадвечнага Нілу, вякі
      бясьсьледна і ціха у даль праплылі.
      Пляменьняў, народаў сьляды на зямлі
пустыні гарачай зацёрлі пяскі.
 
А сфінкс ўсё стаяў і глядзеў на Усход,
      на путы, што нёс спрацаваны народ,
на гора, што вечна, як шэры туман,
зямлю аблытала, на зор караван –
      глядзеў на крыштальны іх ціхі паход.
 
Раз чуў сфінкс з паўночы гіганта удар...
      I чуў, як разьбіты ланцуг ападаў,
      і бачыў, як вецер ўдалі калыхаў
у поўнач нямую сусьветны пажар...
 
      I з радасьці сьлёзы з гранітных вачэй
      цяжкія спадалі адна за аднэй,
як зораў крыштальных плылі караван,
і толькі гарачы пад дзень гураган
      ацёр іх пяшчанай рукою сваей...
 
Спакойна заснула пустынная даль
      і неба далёкага сіняя гладзь...
      Адны толькі зоры дрыжаць і мігцяць
адбіўшыся ў Ніле між пены і хваль.
 
      А сфінкс ўсё стаіць і глядзіць на Усход
      і шэпча пустыні пра новы паход,
пра тых, што усталі зь вяковых кайдан,
пра тых, што і палі ў змаганьні ад ран,
      у змаганьні за праўду, за Волю, Народ.
 
1933
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.