РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Восеньню
Стрэхі мокрыя ўніз апусьцілі рукавы,
Пачарнелі гасьцінцы, дуброў верхавіны;
Дацьвітае ў імшарах лаза і крушына,
I зялёным агнём дагарае атава...
 
Вёска сумна глядзіць з-пад кудлатае шапкі,
З-пад імглы, што плыве цёмнай хмарай з балота;
Пад дзядоўскім старым і пахіленым плотам
Вецер лісьце, як пер'е, ўздымае ахапкам.
 
А паўднём сонца лістам чырвонай асіны
Расьцьвіце паміж дрэў, ды і зноў у гушчары
Ападзе і рассыплецца ў ціхіх імшарах
Па ягодніку сьпелай агнём-журавінай...
 
Часам прыйдзе і ноч, рассыпаючы зоры,
I затлеюць яны над іржавым папарам...
Вечарамі тады дзед на дошчатых нарах
Ўспамінае жыцьцё, што мінула учора.
 
I, як памяць сівая далёка ахопіць,
Ён гаворыць з тугой аб гушчарах глыбокіх,
Бы памінкі спраўляе па соснах высокіх,
Па лагах, па ласіных затоптаных тропах...
 
Ды пытае мяне пра сяброў і знаёмых,
Што пайшлі у жыцьцё непрацёртай дарогай,
I ці шмат юнакоў у падвалах-астрогах
Дні свае каратаюць у цэлях сьцюдзёных...
 
I ад дум галаву апускае сівую,
Як сасна пабялеўшая раньнім марозам,
Словы ж так ападаюць, як лісьце бярозы,
На асеньнюю быль і на казку сівую.
 
1936
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.