Сьцюжны час, бязьмежна-суровы. Сьпіць народ, нібы зерне ў ральлі... ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Ты прыйшоў і гарачым словам Рунь узьняў на роднай зямлі. Ты сказаў нам: «Унукі Скарыны, Дзе ваш гонар, моц і краса? Ёсьць і ў вас, як і ў іншых, сьвятыня. Не давайце сьвятыні псам! Не давайце зь яе глуміцца, Бо прасьпіць яна ясну зару, Бо сьвяты ізумруд заімгліцца У пярсьцёнку тваім, Беларусь». Ты устаў на лютую сечу, Бітву вечную сонца і хмар, Узваліўшы на юныя плечы Сьвятагораў народны цяжар. І ня вынесьлі жылы напругі: Зьнік ты, лебедзь, у хвалях сівых, Сплыў крывёю, загінуў «за другі», За мяне, за вас і за ўсіх. І застаўся ты ў нашых душах, Хоць навекі зьнік у палях, Вечна сьветлы і вечна дужы, Вечна юны, як наша зямля. Мы табой ганарымся – і плачам. Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым... ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Нізка голаў схіляю, юнача, Перад вечным глаголам тваім. Сьмела крочу цяпер у пяскі я Перад сьветлай заветнай гарой, Бо як ёсьць у народа такія – Не загіне давеку народ.
9.XII.1966. Менск.
|
|