РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ад дажджоў стары гасьцінец
Пашарэў і пацямнеў,
Толькі вецер ярка сініць
Веснавую зелень дрэў.
 
Сонца высака на небе,
Не дастанеш качаргой;
Залатога бору грэбень
Пахне шышкамі, смалой.
 
Я запеў, а рэха бору
У мяне над галавой
Разагнала мае зоры,
Залаты і звонкі рой.
 
Мо' неасьцярожна спудзіў?
Ну, вярніцеся назад, –
Весяліцца разам будзем,
Я ваш блізкі, родны брат.
 
I па шышках, і па тропах
З камарыным звонам зор
Месяц крыльлямі залопаў,
Ападаючы за бор.
 
Прыляцелі дзівы-птушкі
I з лагоў лясных зьвяры,
Пад сасновыя частушкі
П'яны вецер завірыў...
 
Зь дзён тых поўных чараў казкі,
Пад напеў дарожных лоз,
Стаў я песьняром сялянскім
Гэтых сьцежак і бяроз.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.