РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пчаляр Ігнат
Як толькі прыйдзе май сьветлы ў вёску,
I жаўрукамі пачне зьвінець,
I загарыцца вясеньнім воскам
На лозах нарачанскіх брэдзь, –
Тады з гарбатай і дымнай печы
Памалу злазіць стары Ігнат,
Рызман накіне сабе на плечы,
Ідзе да пчолак сваіх у сад.
З даўжа памалу ён выме сторжку,
Адчыне вулей: – Ну, добры дзень!
Крануцца пчолы ісьці па дошках
I па Ігнатавай барадзе.
Стары сьмяецца, аджыў, вясёлы:
– Ну што ж заседзеліся вы? –
Рукою чулай работніц кволых
З сваёй здымае галавы.
– А ўжо за полем, – гаворыць пчолкам,–
Запахла мёдам у лазе... –
Гаворыць аб сваім пасёлку
I аб сваёй старой бядзе,
Аб тым, што і зіма ліхая,
Ападу, бачыш, жмені дзьве...
– Ну што ж ты лезеш? Эх, дурная!
Глядзі, які пагожы дзень!
I пчолы з залацістым звонам
Іскуюць, сыплюцца як рой,
I пахне першаю зялёнай
З прысад бярозавай ліствой.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.