РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Шэрыя хаты, платы і вароты,
Белая ноч на дварэ,
Нешта лучына ня хоча гарэць
Роўна пад шум калаўрота.
 
Цеста, схіліўшыся, месіць старая
З жытняй мякінай ў дзяжы.
– Хоць бы да першых растопаў дажыць! –
Хворы на ложку ўздыхае.
 
Дымам счарнелыя бэлькі заслала.
З патрап'я сьцелецца пыл.
Поўзаюць ў шчэрбінах печы клапы...
Ў рамцы сумуе Купала...
 
А на кутку абразы цудатворцаў
Даўна ад дыму сьляпых.
Б'юць ім паклоны за дождж, за снапы
I за пагожае сонца...
 
Мала зьмянілася, вёска мая ты!
Больш, можа, трохі лапцей.
Больш на плячах і старых, і дзяцей
Голага цела ды латаў...
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.