РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвітазь
Часам вецер расхінае хвалі жыта,
выплываюць стрэхі шэрымі чаўнамі.
Дзесь за жытнімі палямі, за гарамі
сіняй казкай ў пералівах дрэмлець Сьвітазь.
Дзень пайшоў лясным гушчарам, сьцежкай бітай.
Хтось пяяў ўдалі працяжна і узорна.
Ў шуме ночы неспакойным, ў шуме зорным
я спаткаю, прывітаю цябе, Сьвітазь.
 
Раскажу табе ў загары
аб чым кагаркі раз пелі,
пра рыбацкія арцелі,
раскажу табе пра Нарач.
I аб тым, як мы ўставалі
ў дзень пануры і ў дзень шэры,
і як біліся у бераг
узбунтованыя хвалі.
Ты прыслухаесься срэбрна,
не задрэмлеш пасьля вестак, –
закалыша хмарай вецьця
твой алешнік сіня-зрэбны.
 
Вецер гладзіць хмараў цені, мора жыта.
Зноў гасьцінцам ў даль шырокую плятуся.
Выплываюць вёскі, сёлы Беларусі,
сіняй казкай пераліўнай дрэмлець Сьвітазь.
Мо' прыйду к табе я зноў дарогай бітай,
калі зорная на хвалях казка ляжаць,
толькі ты аб чым прачнуўшыся раскажаш?
Мо' прывет перадасі азёрам, Сьвітазь?..
 
4.VI.1936.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.