РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На акопах
Позна.
Абозы бежанцаў
сонца схавала з дарожным скрупучым болем.
Першы раз бяз скаргі сьляпой пагарэльцаў,
бязь сьлёз барозны заснулі на полі...
Нейдзе далёка грымела яшчэ кананада.
З конскіх ног,
                              перабітых ручною гранатай,
на жоўтай дарогі пясчанае латы
ціха густая крынічыла кроў.
 
Ў глыбокіх адчыненых сініх вачох
ўставала мяжа, за мяжою зялёныя гоні,
зоры ў вадзе,
                              густая атава,
                                                          нястоптаны мох,
начлег і жаробка гнядая і коні...
Нейдзе грымеў над зямлёй несьціхаючы гром...
Выцягнуў шыю:
чакаў можа дожджам асьвежыць.
З чорных палосаў і з стоптаных межаў
дыхала спаленым сьвежа аўсом.
Днела... Няўжо яшчэ сьпяць і коні
                                                                            і людзі?
Няўжо яны кінулі сена, траву і калосься?
Заржаў раз і другі...
                                            Нейдзе ад спаленых хат
голас знаёмы пачуўся: ко-о-ся!.. ко-о-ся!..
Чакаў, каб яшчэ раз пагладзіў араты.
Выпаліў вочы да дна сьлёзаў распалены шрот.
Крокі... можа аброць зазьвінела... ціха.
Шыя апала на – струны калючыя – дрот.
 
25.IV.1937.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.