РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
І пацягнуліся дні
I пацягнуліся дні –
      восені зрэбныя ніткі,
      зь іх верасы, палыны
      вецер сумуючы выткаў.
 
Дзень, як матыль, ападаў,
      крыльля спаліўшы, за горы;
      месяц дугу паласкаў,
      выехаўшы на вазёры.
 
Золатам лісьця зьвіняць,
      ціха бярозы ўздыхаюць.
      Дрэмлець краіна мая
      быццам жняя маладая.
 
Вочы закрыла – зару,
      дзе журавы адляталі,
      жменяй сыпнула ў гару
      дзіўныя зоры-каралі.
 
Сяньня ня трэба табе,
      у верасох расьцьвітаеш,
      а на вясеньняй сяўбе
      ў косы іх зноў паўплятаеш.
 
Зоры далёка зьвіняць.
      Грудзі бадзёра ўздыхаюць.
      Дрэмлеш, краіна мая,
      Дзіўная і маладая!
 
Ціха. Іду паміж дрэў.
      Лісьця, як крыльлямі соек,
      ў сэрцы збудзілі напеў
      сьнегам занесеных хвоек.
 
Зноў у грудзёх зацьвіло
      шмат васільковага разам:
      маці старая, сяло
      сьвятам убрана дзяразай...
 
Песьні далёка зьвіняць...
      Песьняй і я прывітаю
      дзень твой, краіна мая,
      зорная і маладая!
 
5.IX.1936.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.