РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кантата
То ня вецер крыльлем звонкім
расшумеўся да зары,
не калышуцца сасонкі
гулка струнныя ў бары.
 
Гэта песьня расьцьвітае
ў моры сініх васількоў,
пераліўна выплывае
ў пазалоце каласоў.
 
Дзе шлях сіні сьцелюць гусі,
дзе шапоча лісьце дрэў, –
над прасторам Беларусі
новы будзіцца напеў.
 
Чуеш у песьнях сны курганаў,
шолах зораў што мігцяць,
крык птушыны ўсхваляваны,
шум зялёнага трысьця.
 
Эх, дарогі нашай долі,
зарасьлі вы палыном,
ды заслалі сьцежкі ў полі
ветры сінім туманом!
 
Ткалі песьні даль, разоры,
ўзмахі серпу і касы,
калыхалі іх вазёры,
нашы рэкі і лясы.
 
Шмат ў іх чуеш залатога,
што нам жаўранак прынёс,
шмат задору маладога
казак соснаў і бяроз.
 
Ахінецца ў ясны золак,
Быццам хусткай, старана,
пояс вытча май зь вясёлак
васільковы, як вясна.
 
I ў далёкі сіні вырай
мы да сонца ўдаль пайдзём;
размахнуцца звонка, шырай
крыльля песьняў – буралом.
 
30.Х.1936.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.