Было неба то сіняе, то ружовае, А пад ім малая хатка рыбака... I было, як неба, возера шырокае, Шумела там заўсёды асака. А ў глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Паляваў ня раз за ім стары дзед зь сеткамі, Толькі дарма муцячы возерную медзь. Часам ён засядзе за ракітай зьвечара I накрыша зораў – залатых зярнят. Думае і цешыцца: на прыманку выплывеш, Зораў не паласаваць не уцерпіш, брат! Ды памалу дрэмле дзед стары над возерам. А ў глыбокай тоні слухае шчупак, Як над сонным берагам, ноччу заварожаны, Ціха барадаты захрапе рыбак. Выплыве тады ён, серабрыста кружачы, Ціха так, каб хвалі соннай не збудзіць, I з-пад сетак сініх прагна сваймі вуснамі Пачынае зоры дзедавы лавіць. Перш ён зловіць Сітца, а пазьней Мядзьведзіцу, Вып'е сьцежку зорную вясьняных сноў, Выцягне з-пад сетак абаранак месяца... I зноў, ціха кружачы, ападзе на дно. I як толькі сонца ў барадзе сівеючай Азалоціць першы серабрысты сьнег, I як толькі вецер раніцой за пазухай Казытаць мяккімі пальцамі пачне, – Дзед прачнецца спуджаны, паглядзіць на возера – Усе зоры выпіў, вылавіў шчупак... З гора замахае доўгімі рукамі, Быццам папярхнуўшыся мукой вятрак. Ды пачне гразіць ён шчупаку азёрнаму, Ідучы дарогай церазь сенажаць... А кругом гамоняць кнігаўкі і чэпікі, Рассыпае вецер жвірам песьню жаб. I здаецца дзеду, што сьмяецца возера, Ў сонцы расьцьвітаючы, як чырвоны мак, – Хіліцца, рагоча асака зялёная, Што яго, старога, ашукаў шчупак.
1937
|
|