РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З паднятай галавой
Кажуць: намалюй ноч месячную, май,
Або сівую буру на Ля-Маншы.
Ня быў я там
I знаю толькі жытніх песень край
I сьцежкі маладосьці нашай.
 
Удаль пралеглі вы, ўсю зрэзалі зямлю,
То пылам засьцілаліся, то дымам.
А ўсё ж, успамінаю вас і шчыра вас люблю,
Дарогі польныя радзімы!
 
Нават восеньню, калі ў мурах сырых
На цэгле мерзьлі песьні адгалосы,
Мы чулі: на пясчаных каляінах залатых
Скрыпелі пад зарой калёсы.
 
Сьмела зрокам сакаліным, браце, глянь!
Прадуцца раніц агняцьветы-ніткі.
Хто перашкодзіць нам прабіць каменьня грань
I долю казачную выткаць?
 
Што там шэпчуць, баючыся, скрыта зноў,
Пачуўшы крок галодных, босых?
Маўчыце лепш!
Пакіньце нас і спадчыну бацькоў, –
За вамі мы ня пойдзем у Каносу.
 
Будзем чорнымі рукамі рваць спакой,
У даль гадоў наступных углядацца.
Праз хмары пройдзем мы з узьнятай галавой,
Іх скрышым у мазольных пальцах!
 
Час ужо сьцягам разгорнутым шумець
Над гарадамі, над бязьмежным полем.
Зрабіць жыцьцём – агонь, а зьзяньнем -
                                      нават сьмерць,
Маланкай азарыўшы полюс.
 
Час ужо зямлю апаясаць зарой,
Расьсеяць густа зоры па старонцы,
Каб зазьвінелі нашы нівы чорнаю ральлёй
Пад залатым нарогам сонца.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.