РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На магільніку
Апалены ветрам марозным асіньнік.
Усе нясуць сьлёз або сьвечак агонь.
Чаго ж я зайшоў на забыты магільнік?
Знаёмых ці блізкіх шукаю? Каго?
 
Ня тут іх занесла лістамі дуброва
I зорныя ночы абвеялі сном.
Адны на дарогах злажылі галовы,
Другія – ня ведаю на'т курганоў.
 
Іду я і надпісы ціха чытаю.
З мазаікі камня імёны, гады
Змывае агнём лістапад малады,
I час іх рукою шурпатай сьцірае.
 
Гранітныя пліты і мармур бялее, –
Ня чорных працоўных касьцей тут начлег.
Здаецца, на кожным такім маўзалеі
Свой звонкі павесіў бы сьмех.
 
А тут усё тлеюць васковыя зоры.
Хтось мае адвагу маліцца, прасіць,
Каб сьлёзы гаротных праз мармур і дзёран
Нядолю вякоў перасталі паліць.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.