РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Руёй
Дзе-недзе вольха, асіна,
Пень ці адонак стары.
Сьвежай крывёю ваўчынай
Сьлед адзінокі гарыць.
 
Дрэмлюць знаёмыя плёсы,
Сьнегам завеяны лог.
Воўк пад срабрыстыя лозы,
Змораны, чуйна прылёг.
 
Сны ахінулі жывыя:
Бача рую, трысьнікі,
Чуе на лапах, на шыі
Шэрай ваўчыцы клыкі.
 
Будзіцца... Ноч... Адзінока...
Дрэмле стог цёмна-сівы.
Дзікую песьню далёкім
Зорам працяжна завыў, –
 
Песьню пра сьвежае мяса
Ў цёмных гушчарах сьляпых,
I пра агні на папасах,
I пра галоў чарапы...
 
Іскрыцца ў ворсе сьцюдзёным
Месячнае серабро.
Шэранам стыне чырвоным,
Зь песьні сплываючы кроў.
 
1938
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.