РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Над калыскай
Вецер дрэвы калыша, кусты,
На паркан атрасае лісты.
Мутна гаснуць асеньнія дні.
Ой, ня плач ты, мой сокал, засьні!
Буду я калыхаць усю ноч,
Буду я паглядаць у вакно.
Над сасновай калыскай тваёй
Пралятуць гусі позьняй парой.
I, пачуўшы крылаты іх шум,
Выйду ў поле я і папрашу,
Каб прыселі яны на вярбе,
Далі цёплага пуху табе.
 
Ёсьць далёка у горадзе дом,
Ходзіць стража, пільнуе кругом.
У астрозе, на нарах, ня раз,
Пэўна, думае нехта пра нас;
Чуе, як ападаюць лісты,
Як ня сьпіш цёмнай восеньню ты,
Як вятры навяваюць зіму.
Сьпі... Мы заўтра напішам яму,
Што у нас не было гэтых сьлёз,
Што ты шмат падужэў і падрос;
Хутка ў бацькаўскай шапцы вясной
Пойдзеш ты за канём баразной.
 
Там, дзе чуецца шум трысьніка,
Зоры ясныя ловіць рака.
Ну, засьні, і ня варта тужыць.
Хочаш, будзем іх разам лавіць.
Толькі зоркі ня вылаві тэй,
Што нядоляй гарыць у людзей:
Не зьбірай і тых дробных – расу,
Бо няведама што прынясуць.
Бяры лепей, што ярка мігціць, –
Праз жыцьцё яна будзе вясьці.
А то сьпі... Я табе запяю,
Зор насыплю ў калыску тваю.
 
1938
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.