РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Парады
Калі хочаш быць ты першым,
Мейсца мець у Пантэоне, –
Ўспамінай у кожным вершы
Ўсе званіцы і амбоны,
 
Ўсіх рэдактараў іх жонак,
Іх катоў, сабачак нават,
Рыфмаваным пустазвонам
Акружы, як німбам славы.
 
Каб мець вечнасьць у запасе
I насіць прарока імя, –
Ва ўнісон, брат, час ад часу
Падвываць ты мусіш зь імі,
 
Што ўжо «Адраджэньне» блізка,
Беларусь такая ўстане,
Дзе зь іх кожны будзе шышкай,
Дзе зь іх кожны будзе панам.
 
Калі ж свой мець будзеш розум
(Музы хай тады бароняць)
I на ліры сваёй, можа,
Не пад густ ім ты зазвоніш, –
 
Не апішаш пяром Дантэ
Таго пекла, таго дыму,
Што падымецца на шпальтах
Ад Завальнай аж да Рыму.
 
1939
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.