РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *

А. Чарняўскай-Орсе

 
Ёсьць варажбітныя травы
з папарацю кучаравай,
быццам яны ўсё ліхое
дзіўнымі чарамі гояць.
Ўецца зялёная сьцежка.
Нейчая ў песьнях усьмешка
бліснула ярка і сіня, –
нават ня ведаю імя.
 
Лепей каб звалася рутай,
шчасьцем, палярнаю зоркай,
а не купальскай атрутай,
сном ці няволяю горкай.
 
Рутай украсіш, што хочаш,
шчасьцем на’т песьні напоіш;
зорка у цёмныя ночы
будзе гарэць над зямлёю.
Але з атрутай і снамі,
але у сэрцы зь няволяй
пойдзеш якімі трапамі
у каласістае поле?..
 
Нешта над рэчкай варожаць
месяц, аер і бярозы,
і забабонныя травы
з папарацьцю кучаравай.
 
22.III.1938.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.