Калі забуяе знявер не на жарт, У бездань пакліча — Хадзем у світальны заснежаны парк Па шчэбет сінічы. Хай сонца складае сінквейны для нас Аб нечым, аб вечным. Забудзься, што ўвосень па сцежках не раз Адзін атумечыў, Што рытмы цягнік дыктаваў цішыні — Мінорныя ноты, І ледзь патыхала ад волкай зямлі Дажджом і лістотай, На зорках настоены хвалі былі; І, мост адштурхнуўшы, Не раз нырцаваў у халодную глыб Па нечыя душы… Хай шчыпле і пальцы, і твар халадок, Хай шыю казыча. Хадзем на світанні па шчасця глыток І шчэбет сінічы.
|
|