«На Беларусі Бог жыве», – Так кажа мой просты народ. Тую праўду сьцьвярджае раса ў траве І адвечны зор карагод. Тую праўду сьцьвярджае Упартасьць хваль, І продкаў запавет, І мовы залатая сталь, І нашых дум сусьвет. Тую праўду сьцьвярджае Ўсё зноў і зноў Ўсім лёсам, – Няхай спакваля, – У хмарах дубоў, У вясёлках агнёў Купальская наша зямля. І няхай давядзе мне Іншая кроў, Што брашу, Як сабачы сын, – А няма нідзе Вярнейшых сяброў І прыгажэйшых жанчын. Гэта край раскрытых душ і дзьвярэй, Гэты край – Твой дом і сабор... Ў нас дваццаць зь лішнім тысяч рэк, Адзінаццаць тысяч азёр. Нам ёсьць што піць, З падмосткаў ліць, Чым палі свае акрапіць, А як давядзе, то ёсьць нам дзе І ворага ўтапіць. І тая памяць жыве не ў царкве, А ў кожнай жыве галаве: «На Беларусі Бог жыве...» – І хай сабе жыве. А калі ён шле на нас кару і гнеў, – Ну што ж, – мы зь ім свае: Ў вяршыні самых гонкіх дрэў Маланка зь неба б’е. У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў Маланка ніколі ня б’е. І пра тое кожны пяе салавей Росным кветкам у роднай траве: «На Беларусі Бог жыве», – І няхай давеку жыве.
5.VII.1980. 14 г. 4 хв. Менск.
|
|