Бессюжэтны, ды зваблівы змрок На апошніх прахожых палюе. Я б да вас прыляцела здалёк, Каб акрыленасць мела былую. Каб не слаўся па вуліцах снег, Не рыпеў уначы пад абцасам, Каб святло ў самым цёплым акне Не пакінула з цемрай сам-насам. …Ноч на шыбы дыханнем лягла, Мяккім, зорным ахутвала шалем, — Ды адно не ставала цяпла, Думкі поўнілісь змучаным жалем. І агеньчык у вокнах згасаў. Кпілі ў небе халодныя зоркі. Ад шалёных шляхоў наўздагад Рассыпаліся крылы на пёркі.
|
|