РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Разьведчык
Загінеш – і ведаць ня будуць
Пра цябе нічога сябры.
Загінеш – і ведаць ня будуць
Маці, жонка, бацька стары.
 
Загінеш – і ведаць ня будзе
На роднай мяжы лебяда...
Але вечна тваім застаецца
Толькі тое, што ты аддаў.
 
Вораг навіснуў над лёсам...
І, можа, ня ўбачыць зор,
Над Убарцю пілы ўцёсаў,
Над Улай зубчасты бор.
 
...І слова па-беларуску
Перад сьмерцю ня сьмей сказаць,
І нічога навокал роднага,
З чым лёгка так паміраць.
 
Побач выскалы, побач лычы.
А сябры – як джалам мяча –
Здалёку здраднікам клічуць
Або з пагардай маўчаць.
 
Атруту салодкую точаць
Схаваныя ўсімі нажы,
Але сьмела ўсьміхайся ў вочы
Сьмяротнаму стану чужых.
 
Ты ня зь імі. Ты – за каханьне.
І таму – у вякі вякоў
Ідзі за межы пазнаньня,
Пастыр сярод ваўкоў.
 
Вядзі іх манлівай сьцяжынай
У нэтры, змрок, глушыню,
Каб з-за той, з-за тваёй асіны
Раптам вылецеў слуп агню.
 
Калі горкім пацягне дымам
І ўвап’ецца ля сэрца набой –
Ты маліся адной радзіме,
Што цябе асудзіла на бой.
 
«Зямля, што мне суджана лёсам,
Адзіная ў сьвеце любоў,
На табе няма хмарачосаў,
Апроч вечных тваіх дубоў.
 
Асеньнім усходам абмытая
Ў вечным зьзяньні расы ці ільда,
Устаюць твае піраміды, –
Дзюнаў палескіх града.
 
Дым вячэрні над родным парогам,
Россып літар у лемантары, –
Гэта ўсё мне суджана Богам,
І за гэта – хоць тройчы памры...
 
За мятлушкаў песьню жывую,
За паданьняў бясконцы сувой, –
Ўсім жыцьцём за іх адваюю...
А, як трэба, – сьмерцю сваёй...»
 
Загінеш – і ведаць ня будзе
На ўзьмежку тваім лебяда...
Але вечна тваім застанецца
Толькі тое, што ты аддаў.
 
Але волі няма вышэйшай
За абраную ў гэтым жыцьці,
Але долі няма вышэйшай, –
Аднаму на тысячы йсьці!
 
Аднаму – бяз сотняў дывізій,
Бяз тысяч сконаў і мук.
Аднаму загінуць, зрабіўшы
Ўсё адзінаю парай рук.
 
19.VIII.1969.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.