РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кнігі
Кнігі – сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё:
Яны цяжкія,
Як дзесяць вазоў з цэглай.
І калі над дарогамі
Равуць бамбавозы,
Чалавек нясе з сабою
Ня цэглу,
А хіба насавік.
(А мо абыходзіцца безь яго.)
Кнігі – сябры,
Іх кідаюць перш за ўсё.
Але потым...
Коштам пайковага хлеба,
Калі знойдзеш на вуліцы пяцьсот рублёў
(Два боханы!),
Купляеш ня боханы, якіх дома чакаюць,
Купляеш «Гісторыю чалавецтва» Гельмальта.
Чалавека,
Унук якога,
Магчыма, расстраляў
Або прымучыў
Твайго адзінага брата.
Кнігі – сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё...
І потым,
Галодныя,
Перш за ўсё зноў пачынаюць заводзіць.
Згарэлі бібліятэкі прадзеда,
Дзеда,
Бацькі,
Твая...
Але ты копіш,
Грамазьдзіш адна на адну
«Віфліофікі» жонкі,
Сваю,
І дзяцей,
І ўнукаў.
Кнігі – сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё.
Каб навек зьберагчы,
Як сяброў,
У сэрцы.
Чалавек прыходзіць
З-за далёкіх, чужых нам меж
І зьдзіўляецца:
«Што вы за нацыя,
Хай вас халера,
Што ні дом – сотні кніг!»
Гэта правільна, дружа,
Іначай бы мы не былі
Ні народам,
Ні нацыяй,
А дзярмом,
Гноем,
Хімерай.
Гэта ведамствы гебэльсаў
Толькі хлусілі на нас:
«Дзікуны,
Швайзэланд!»
Але ў гэтым нялёгкім сусьвеце
Мы чытаем,
Мысьлім,
Мы дзейнічаем,
Мы.
Мы, што больш за ўсіх чытаюць на сьвеце.
Кнігі – сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё.
Але ўсё ж Чалавек
Выходзіць пад бомбы ў дарогу,
Захапіўшы з сабою
Акрым шчоткі зубной
Багдановіча, Танка, Купалу,
І Коласа, й Панчанку,
І Эклезіяста,
І – ў сэрцы – Бога.
Калі здарыцца горшае,
Калі будуць паліць
(А папера палае лёгка і весела),
Мы на памяць завучым,
Каб прапраўнукам не забыць
Ўсё сваё,
Дарагое:
Наш сьвет –
Ад сонца да месяца.
Кнігі – сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё.
Але ў сэрцы яны застаюцца,
Як памяць нятленная.
Бо яны – гэта мы,
Бо яны –
«Гэта рэкі суць,
Рэкі, што назаўжды
Пяюць вечную нашу ўсяленную».
 
1977
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.