РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Здаецца, ўсё са мной, як некалі,
Аднога толькі не хапае:
Ацененых густымі вейкамі
Тваіх вачэй, што сонцам зьзяюць,
Тваіх валос, якіх ня краталі
Ні навальніцы, ні туманы,
I рук, абмытых сьвежай мятаю,
I вуснаў, маладосьцю п'яных...
Усё ты гэта добра ведаеш.
Калі ж цябе я сустракаю,
Мяне знарок ты ці нясьведама
На раздарожжы пакідаеш,
На раздарожжы, дзе віднеецца:
«Налева ці направа пойдзеш, –
Пустыня прад табой расьсьцелецца
I век спакою ты ня знойдзеш...»
Ды я спакою не вымаліваў
I не жабрак прасіць спагады,
Хоць ахапіла мяне зарава,
Як лес гаручым лістападам.
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.