РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яна хату бяліла
Яна хату бяліла
I чароўнай рукой
Акаймоўвала міла
Сьцены сіняй каймой.
 
Я глядзеў у зьдзіўленьні
На разьліў сінявы,
I на вочы-праменьні,
На блакіт іх жывы.
 
Хоць быў час адыходзіць,
Ды ніяк я ня мог
Аж да сонца усходу
Кінуць хаты парог,
 
Бо шляхі і крыніцы,
Нават сны, як зарой,
Абвяла чараўніца
Васільковай каймой.
 
І сягоння па краю, –
Хоць мінулі гады, –
Дзе бываю, – шукаю
Успамінаў сьляды.
 
Толькі шмат у нас хатаў,
Дзе заўсёды вясной
Беляць сьцены дзяўчаты
I абводзяць каймой.
 
Зойдзеш – бачыш: ня тая...
Без патрэбы тады
Пра дарогу спытаеш
Ды папросіш вады.
 
1944
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.