РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Усход

Максіму Танку

 
Бы ў першыя дні стварэньня,
Цемра, хаос і шал,
Прыбой і туман спадаюць
На труны змрочныя скал.
 
Плывеш між валоў і бачыш,
Як там, на грані імглы,
Над сьветам і над табою
Сьветаносна кружляюць арлы.
 
Нябачную ўбачыўшы радасьць,
Лятуць пад нябесны шацёр,
І рыжае сонца праз падзі
Лавай спаўзае з гор.
 
За ім мільёны гайдукаў
Ідуць зь цямноцьцем на бой
У зялёных ірваных адзеньнях,
Зь дзідамі за сьпіной.
 
Над ашаломленым змрокам
Сьведчаньнем вечнай вясны
Шумяць пераможна пад брызам
Зялёныя лахманы.
 
Хлусьня начной ліхаманкі,
Жах заімшэлых стром
Ў пячоры здыхаць запаўзае
Зь пераламаным хрыбтом.
 
І, кроплямі вечнай вясёлкі
Ажывіўшы мёртвы граніт,
Яр магутны зь неба спускаецца
На сонечным прамяні.
 
Бэзавы сьпеў сірэнаў
У поўнай сонцам вадзе,
Гульні вясёлых дэльфінаў
Сярод вясёлых людзей...
 
І толькі яму, адзінаму,
Сэрца я падару,
Адзінаму богу ў сьвеце,
Адзінаму ў сьвеце цару.
 
23.IX.1970. 16.40. Гагра.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.