РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *

Прадсьпеў да паэмы "Нарач"

 
Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песьняры,
Ня з торбамі песень жабрачных, –
Смыком серабраным на струнах зары
Табе заіграем іначай.
 
Прысядзем ля прызбы, на новы парог,
Зь вясёлым і ясным абліччам,
Вярнуўшыся з дальніх этапных дарог,
Хоць шмат каго з нас недалічым...
 
Ты зьвесіш чупрыну саломенных стрэх
Пад песьні, шум цёмнага бору,
I выплывуць зоры на сіні начлег,
На сінія хвалі азёраў,
 
Закінуць свой невад узорны на дно,
У ціхія Нарачы тоні,
Дзе месяца толькі сталёвы нарог,
Затоплены бураю, звоніць.
 
I ўбачым тады, як радзімы прастор,
I песьню, што просіцца з сэрца,
I струны жывыя пялёсткамі зор
Асыпле кастрычніцкі вецер;
 
I зьнікнуць туманы з дарог-каляін,
Зара чырвань-хустку накіне
На грэбень сасновых густых верхавін,
На плечы этапнай краіны.
 
Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песьняры,
Ня з торбамі песень жабрачых, –
Смыком серабраным на струнах зары
Табе заіграем іначай.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.