РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бура

З паэмы "Нарач"

 
Курган на кургане
I крушні сівога каменьня,
Ды, рукі узьняўшы,
Застылі крыжы.
Высяцца цяглыя сосны,
Раскінуўшы змрочныя цені
Над тымі, што болей ня ўстануць,
Ня  вернуцца жыць.
Памалу з магільніка
Разыходзяцца людзі.
Сьлязамі ня збудзіш
Заснуўшых магіл!
Паліць гарачае сонца,
I вецер яго не астудзіць.
Гараць на усходзе
Чырвоныя хмараў стагі.
Ідуць рыбакі,
                          пахаваўшы Прахора,
Настрэчу буры,
Буры, якая ужо
Абняла паўкраіны.
Дзьме, наганяючы
Цені,
              чорныя хмары вецер,
Падае сонца у возера
Лістам сарваным з асіны.
Гулка грыміць гром
Над нарачанскім гасьцінцам.
Хмары разьвеялі
Грываў чорныя столкі.
Пугі маланак сьвішчуць
Праз гул навальніцы,
Грому шарахаўкі
Грымяць пад дугою вясёлкі.
Гнуцца да самай зямлі
Старыя на могілках сосны.
Раз і яшчэ раз ударыў
Віхор ашалеўшы, сьляпы,
Зь сіняга возера
На бераг хвалямі плёснуў,
Пад хмары узьняўшы
I сьнежную пену,
                            і пыл.
Раптам змоўкла усё.
Толькі вячэрнюю ціну
Рве Нарач хвалямі ў пене,
Топіць у тонях на дно.
Недзе крычаць пастухі,
Гонячы ў выган скаціну.
I сыпануў на плечы загонаў
Шчырымі жменямі дождж.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.