РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Эпілёг
450
З паэмы "Нарач"

 
За шыбамі тлеюць у інеі сінія зоры.
Мерзнуць ад сьцюжы апухлыя пальцы, баляць.
Ведаю, песьні, вам хочацца новых разораў,
Шолаху лесу зялёнага, звону азёраў, –
Сьніцца ня раз вам шчасьлівая наша зямля.
Будзе ўсё гэта... Гартоўным народам падымем
Новыя дні; залатых ураджаяў зару
Зьбяруць у снапы маторы рукамі стальнымі;
I вёснамі будзе цьвісьці маладымі,
Вясёлкамі песьняў мая Беларусь.
А сёньня ідзіце ў батрацкія хаты, пад стрэхі, –
Пазнаюць вас там па глыбокіх шрамах,
Па чорных мазолях, па гулкаму рэху.
 
Як сонечныя, загарайцеся вехі
На горных вяршынях, на новых шляхах!
А сёньня ідзіце між родных загонаў,
Дзе многа знаёмых спаткаеце вы.
Расьсьцелюць вам нівы узорны настольнік,
Як прыйдзеце ў госьці ў дзень заўтрашні, вольны,
Ці з славаю паўшых, ці з славай жывых.
I поўнач мінае. За шыбамі вецер...
За сына дзесь моліцца матка цяпер.
А я хачу сонца пранесьці па сьвеце
I ворагам кінуць у вочы з-пад сэрца
Крывёю гарачай апырсканы верш.
Вось раніца ціха лягла на падлогу...
Я песьні бяру свае ў дальні паход.
Іх трэба расьсеяць вясной па разлогах,
Каб заўтра на струнах, на новых дарогах
Нам зь песьнямі стрэціць свабоды прыход.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.