РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Крыніца
Каб асьвяжыць свае вусны
Днём падарожным, буднім
(Гэта было далёка
Ад бацькаўшчыны маёй),
Я пахіліўся толькі
I ў серабранай студні
Ценю свайго ня ўбачыў,
Хоць сонца было нада мной,
Хоць там было ўсё адбіта:
І сьнежныя гор вяршыні,
I цуг аблокаў лятучых
I тонучых у бязьмеж...
Я зразумеў: мяжа тут,
А за мяжой – пустыня,
А за пустыняй недзе
Зямлі і жыцьця рубеж.
Ня ведаю, колькі часу –
Хіба што мінулі годы –
Ішоў я па рэху дальнім
Да родных сваіх крыніц,
Якія б змаглі і прагу
Маю пагасіць заўсёды
I цень мой з праменьнем сонца
У тоні сваёй адбіць.
Ты зьдзіўлена, прыгажуня,
Калі я за твой напітак
Гатоў з падарожнай кайстры
Сягоньня усё аддаць.
I я быў калісьці іншым,
У шуме любой ракіты,
Здавалася мне, напевы
Адны і тыя ж гучаць.
Але я чуў скаргу птушак,
Якія згубілі гнёзды,
I як сумавалі песьні
Бяз рэха сваіх бароў;
I бачыў, як засыхалі
Зярняты ў чужых барознах,
Занесеныя віхурай
I хмарай з маіх палёў.
Таму я і слаўлю тройчы
Радзіму, крыніцы, дрэвы,
Зь якімі, як час настане,
Зьліецца мой голас і цень,
Якія карэньнем вып'юць
З маіх грудзей ўсе напевы
I шумам вяршынь абвесьцяць
Другі нараджэньня дзень.
 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.