РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сон над Нёмнам

#1
Аднойчы Хрыстафор Калюмб
Прыйшоў і кажа: – Браце,
Ты, бачу, плесьняю аброс,
Заседзеўшыся ў хаце.
 
А я цябе тры дні шукаў
Па ўсіх дамах начлежных,
Па ўсіх піўных і караблях,
Гандлёвым узьбярэжжы.
 
Мне трэба падабраць людзей,
Якім на гэтым сьвеце
Ўсё роўна дзе грудзьмі глытаць
Марскі ахрыплы вецер;
 
Якім дакучылі сябры,
I крэдыторы ўмесьце,
I стражнікі, і гандляры,
I Сьвет Стары нарэшце.
 
Хачу я новы шлях знайсьці
У Індыю па шчасьце.
I на’т падрыхтаваў ужо
Вандроўніцкія снасьці.
 
I на’т у трум я закаціў
З паўсотні бочак рому,
Каб весялей было плысьці
Па хвалях невядомых.
 
Дала мне каралева ліст,
Дала мне каравэлы... –
Яшчэ ня верыў я, але
Быў подпіс Ізабэлы.
 
Яшчэ ня верыў я, але
Руку падаў на згоду
I кубак разам зь ім падняў
За дзіўныя прыгоды.

 

#2
Мы штормаў і дзён не лічылі.
Паўдзённае сонца агнём
Нас, як галаўню, апаліла
I высушыла нашы жылы,
Як рэі, зь якімі пяём.
 
Пяём мы аб ветры крылатым,
Аб тым, што мінула даўно,
Аб тым, як плылі арганаўты
Шукаць залатое руно.
 
Сьпеў слухаюць рыбы і мора,
Вандроўныя хмары ўдалі,
Зусім незнаёмыя зоры,
Зусім невядомыя горы
Нікім не адкрытай зямлі.
 
Калі ж мы ступілі на бераг –
Вітаць нас, адзін за другім,
Сышліся і птушкі, і зьверы,
I зь цёмных пячораў багі.
 
Дзівіліся птушкі, што крыльляў
У нас не было, як у іх;
А зьверы – што мы гаварылі
На мове, якой гаманілі
Далёкія прашчуры іх.
 
Багі нас пыталі ў зьдзіўленьні:
Хто будзем, адкуль мы прыйшлі
I дзе мы ад сьветастварэньня
Да гэтага часу былі?
 
Усіх непакоіла, што нас
Прыгнала да іх берагоў:
Ці выпадку вецер шалёны,
Ці мара аб краі чароўным,
Ці вечная прага купцоў?
 
Мы ж цешыліся, як малыя,
Знайшоўшы прыстанішча зноў.
I ветразі «Санта Марыя»
Алелі ад нашых кастроў.

 

#3
Мінулі месяцы, гады.
Шмат хто радзімы нівы
Забыў у клопатах жыцьця,
Ў пагоні за нажывай.
 
Адны па пушчах і лясах
Зьвяроў лавілі, білі,
Жвір вымывалі залаты
З залатаносных жылаў.
 
Другія за шмацьцё, за ром,
За шкло, люстэркі, фарбы
Ў тубыльцаў і у іх багоў
Выманівалі скарбы.
 
А я згубіў пакой і сон,
Калі прыбоем сінім
Прынесла з бацькаўшчыны мне
Сасновую галіну.
 
Я паказаў яе сябрам,
Прыплыўшую з-пад Нёмна,
Але ніводзін з маракоў
Ня мог сасны прыпомніць.
 
Я гаварыў, якой яна
Расьце ў бары высокай, –
Але і Хрыстафор Калюмб
Забыў пра край далёкі.
 
Тады я вырашыў адзін
Плысьці да той хваіны,
Што працягнула да мяне
Праз акіян галіну.
 
Каб адшукаць яе ў бары
Ці на высокай кручы,
Прыпасьці сэрцам да яе,
Да зелені гаючай.
 
Няхай прышчэпіць да ствала
Мяне з сваёй галінай,
Абмые ветрам і зарой
Наднёманскай краіны.

 

#4
З чаўна, ў якім зьбіраўся плыць,
Каб плыць хутчэй, усё я
Багацьце выкінуў за борт
Углыб, на дно марское.
 
Там зьліткі золата былі,
I пэрлы, і каралы –
Усё, што наскуплялі мы,
Што прагна назьбіралі.
 
Адно да мачты прывязаў
Сасновую галіну,
Якая б мне дапамагла,
Шлях значыла ў краіну.
 
Аж да крыві мне грудзі, твар
Хвастаў віхор балюча,
Пакуль мой не разьбіўся сон
З чаўном на нейкай кручы.
 
На кручы, на якой шумеў
Бор векавы, сасновы,
На кручы, над якой сінеў
Мой поўдзень верасьнёвы.

 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.