РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вільнюс
Я гэты горад знаю з даўніх дзён,
Дзе дрэмлюць замка гордыя руіны,
Дзе ўзьняў густое вецьце ясень, клён
Над сном акамянелым Гедыміна;
Дзе пад аркадамі сівых муроў
Праходзяць цені вулкамі вузкімі:
Пясьняр Літвы, наднёманскіх палёў
У вопратцы дарожнай пілігрыма;
I Каліноўскі, і мае сябры...
Я чую голас іх у змроку шэрым
I як Вільля праз пушчы і бары
Плыве і б'ецца ў непрыступны бераг.
 
I хоць юнацтва тут прайшло даўно,
Але, як адгалосак песьні шчырай,
Прыходзе з успамінамі яно, –
Вяртаецца, бы ў час вясеньні вырай.
Яно на кожнай вуліцы ўстае,
Гарыць у верасьнёвай пазалоце,
Дзе вецер думы першыя мае
Рваў на лукішскім, на калючым дроце..
I ўсё ж люблю я гэтых вуліц гул,
Граду Панар, высокі золак раніц
I маладосьць, абвітую ў тугу,
Якой у вочы можна сьмела глянуць.
 
Я гэты горад знаю з даўніх дзён.
I каб ня хвойны пах бацькоўскай хаты,
I каб не нарачанскай хвалі звон
Ля курганоў, ля сосен расахатых, –
Хацеў бы я, каб мой апошні сьпеў,
Тут, сярод гэтых незабыўных вулак,
Дзе ўпершыню ён гулка празьвінеў,
Знайшоў спакой і вечны свой прытулак.
 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.