РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Песьня Яносіка
380
Эй, кабы йо ведзял...                         
#З славацкае народнае песьні

 
Эх, каб ведаў я, хлапчына,
Дзе мая блукае доля, –
Абышоў бы паланіны,
Усё горнае прывольле,
Пакланіўся б ёй у пояс
I ў гасьціны запрасіў бы,
Раньняй, позьняю парою
Частаваў яе, паіў бы.
 
Эх, каб ведаў я, хлапчына,
Па якіх палях, дубровах,
Па якіх шляхах дзяўчына
Мая ходзіць чарнаброва, –
Са сваімі юнакамі
Паляцеў бы я да мілай.
– Будзь, – сказаў бы, – сэрца, з намі! –
Не пайшла б – узяў бы сілай.
 
Эх, каб ведаў я, хлапчына,
Дзе схаваныя ў магнатаў
Бочкі поўныя і скрыні
Срэбра, золата, дукатаў, –
Сваёй востраю цюпагай
Я разьбіў бы іх, рассыпаў
Каб меў кожны брат-бадзяга
Пагуляць за што і выпіць.
 
Эх, каб ведаў я, хлапчына,
Калі мой пагасьне месяц,
На якой ў бары хваіне
Гайдукі мяне павесяць, –
Атуліў бы я ўсё вецьце
Аксамітам, шоўкам алым,
Каб мякчэй было па сьмерці
Галаве ляжаць удалай.
 
Эх, каб ведаў я, хлапчына,
На якіх на гусьлях людзі
Зложаць пра мяне быліну,
Сьпяюць песьню, не асудзяць, –
Я абмыў бы тыя струны
Сваімі чыстымі сьлязамі,
Аблакамі, ветрам шумным,
Татраў белымі сьнягамі.
 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.