РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зіма
Дзень цэлы плавалі вятры
Над восеньню палёў бязьмежных.
Пад вечар сьнегам завірыў,
Спазьніўшыся, кудлаты сьнежань.
 
Ён ахінуў стагі лугоў,
Як верацёны сьнежнай воўнай;
З-пад Налібок, з балот, лясоў
Плыты ільдзін пагнаў па Нёмну.
 
Ён хвалі дрэмлючай ральлі
Рвануў за вараныя грывы, –
I ажылі, і паплылі
На лес уздыбленыя нівы.
 
Але навалу хмар цяжкіх
Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі.
Адно па соснах залатых
Ўзьнялося полымя сівое.
 
У змрочных лапках зацьвіло,
Зь бяроз успыхнуўшага вецьця
На сухастой, на буралом
Яго панёс шалёны вецер.
 
Збудзіўся стромых сосен звон,
З лагоўяў воўчых і выкопаў
Папоўз па сьвежым сьнезе ён,
Па выбітых руёю тропах.
 
Зіма... Ад інею вішняк
Перахіліўся за парканы,
И не мінеш яго ніяк,
Кранеш – і цьветам серабраным
 
Асыпле з галавы да ног.
На дзеньнікі лятуць вароны
З глухіх прасёлачных дарог,
I цень плыве іх праз загоны,
 
Дзе ўсё, як вогнішча лістоў,
Замёў сьнег сьвежасшаранелы,
Дзе петлі заячых сьлядоў,
Разгубленыя, забялелі.
 
Калі ж вячэрняю парой
За вёску выйдзеш на прывольле, –
Цябе сустрэнуць грамадой
Шляхоў знаёмыя таполі;
 
Пачуеш, як трашчыць рака,
Скрыпяць асьверы на марозе,
Як пад дугой маладзіка
Пяюць сялянскія палозьзі.
 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.