РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Камяні
Гасцей чакаў я, і яны
Загрукалі ў парог –
Абветраныя валуны
Крутых маіх дарог.
 
На іх усіх сьляды былі
Маіх юнацкіх сноў;
На іх усіх шрамы ляглі
Ад хмар і ад вятроў.
 
Я кожны камень пазнаваў:
Калі сустрэў яго,
Калі на ім адпачываў,
Начлежны клаў агонь.
 
Вось гэты – ў роднай старане
Быў пад акном маім,
Вось гэтым – кінулі ў мяне,
I сьлед крыві на ім.
 
Але адзін валун з усіх
Мне незнаёмы быў.
Хто ён, адкуль, з дарог якіх
Няпрошаны прыбыў?
 
Адно, па сьнежнай белізьне,
Па тым, як ён дыхнуў
Сьцюдзёным змрокам на мяне
I ў сэрца заглянуў, –
 
Я здагадаўся, што за госьць,
I чаркай прывітаў.
– Калі прыйшоў ты, ягамосьць,
Дык пі! – яму сказаў.
 
Вось толькі нам няма аб чым
З табою гаварыць.
Я ўжо дамовіўся ўначы
З хваінамі ў бары,
 
З жывой птушынаю сям'ёй,
З расталаю вадой
I з громам, каб яны вясной
Ўзялі мяне з сабой.
 
1946
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.